КУЛУНДЗІ́НСКАЯ РАЎНІ́НА, Кулундзінскі стэп,
Кулунда, раўніна на Пд Зах. Сібіры ў Алтайскім краі Расіі і Паўладарскай вобл. Казахстана. Размешчана ў міжрэччы Обі і Іртыша. На ПдУ прылягае да перадгор’яў Алтая, на Пн мяжуе з Барабінскім стэпам. Пл. каля 100 тыс. км2. Выш. ад 100 — да 250 м. Паверхня хвалістая з характэрным чаргаваннем грыў (выш. да 60 м) і паніжэнняў, занятых рэкамі (Кучук, Кулунда, Бурла і інш.) і бяссцёкавымі азёрамі. У азёрах запасы соды (Петухоўскія, Танатарскія азёры), мірабаліту (Кулундзінскае, Кучукскае) і кухоннай солі (Вял. i М. Яравое). Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -17 °C да -19 °C, ліп. 19—22 °C. Гадавая колькасць ападкаў 250—350 мм. На Пн і У злакавыя стэпы на паўд. чарназёмах, на Пд і 3 палынова-злакавыя на каштанавых глебах. На схілах грыў — «стужачныя» хваёвыя бары і бярозава-асінавыя колкі. Малочная жывёлагадоўля, збожжавая гаспадарка.
т. 9, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)